«Лукашэнку гэта вылезе бокам»
- 3.05.2025, 17:40
Эксперты патлумачылі, навошта Пуціну завод беспілотнікаў у Беларусі.
Падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам у Валгаградзе 29 красавіка Уладзімір Пуцін публічна прапанаваў пабудаваць у Беларусі завод для вытворчасці беспілотнікаў. У чым інтарэсы Масквы і Менска?
«Мы гатовыя ўжо закласці завод разам з вашымі спецыялістамі і адпаведную лабараторыю», — заявіў кіраўнік РФ.
Сайт udf пацікавіўся ў экспертаў: навошта Расеі завод у Беларусі і якія наступствы будзе мець яго будаўніцтва для нашай краіны?
«Лукашэнку такія дзеянні ўсё ж вылезуць бокам»
Дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда ў каментары UDF зазначыў, што пры будаўніцтве завода беспілотнікаў у Беларусі выгаду атрымае Масква, але не Менск.
«Па-першае, будаўніцтва завода яшчэ больш уцягвае Беларусь у вайну супраць Украіны і пагаршае імідж Лукашэнкі на Захадзе», - сказаў Магда.
Ён звярнуў увагу, што адна з асноўных расейскіх вытворчасцяў дронаў знаходзіцца ў далёкай Елабузе (Татарстан). Там выпускаюць расейскую версію іранскага БПЛА «Shahed 136» пад назвай «Герань-2» для выкарыстання ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Прадпрыемства перажыло ўкраінскую атаку блізу года таму.
«Гэта значыць, па-другое, будаўніцтва завода ў Беларусі скарачае транспартнае плячо па дастаўцы беспілотнікаў на лінію фронту», - адзначыў Магда.
Але ёсць яшчэ і важнейшая прычына.
«Па-трэцяе, Расея разлічвае на тое, што зможа засцерагчы сваю вытворчасць беспілотнікаў ад магчымых украінскіх удараў. Наносіць удары па беларускай тэрыторыі афіцыйны Кіеў наўрад ці стане», - мяркуе Магда.
Логіка ў будаўніцтве завода ў Беларусі для Масквы з названых прычын, безумоўна, прысутнічае. Але навошта гэта Лукашэнку?
«Нагадаю, што ён паслядоўна бароніць пазіцыю, што гатовы пайсці на ўсё, што заўгодна, абы самі беларусы наўпрост не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Але думаю, Лукашэнку такія дзеянні ўсё ж вылезуць бокам, няхай і не сёння. У кожным выпадку відавочна, што будаўніцтва расейскага завода для вытворчасці дронаў не палепшыць украінска-беларускія стасункі, а толькі створыць новую напружанасць. Але гэта выбар Лукашэнкі і яму з ім жыць далей», - сказаў Магда.
«Пуцін адным дзеяннем можа дасягнуць некалькіх мэт адразу»
Палітолаг Анатоль Котаў адзначыў, што бачыць некалькі прычын для агучанай Пуціным прапановы.
«Пачнем з найбольш відавочнай. Рэжыму Лукашэнкі патрэбныя грошы, і ён гатовы іх атрымліваць пад што заўгодна. Імпартазамяшчэнне, другая АЭС, саюзны самалёт. Без розніцы, пад які праект. Таму Лукашэнку можна прапаноўваць і будаўніцтва завода для беспілотнікаў», – мяркуе Котаў.
З іншага боку Пуцін «адным дзеяннем можа дасягнуць некалькіх мэт адразу».
«Будаўніцтва завода беспілотнікаў канчаткова прывязвае рэжым Лукашэнкі да вайны, бо відавочна, каго будуць бамбаваць беспілотнікамі - Украіну. Адначасова Кіеў будзе перад выбарам: знішчыць завод ці не. Калі так, што абсалютна лагічна, то Беларусь будзе цалкам уцягнутая ў вайну. Знішчэнне завода будзе падставай для выкарыстання тэрыторыі Беларусі для новых нападаў на Украіну. Лукашэнка таксама будзе вымушаны ваяваць і ніякія мірныя ініцыятывы яго ўжо не выратуюць», - мяркуе Котаў.
Ён дадаў:
«Калі ж Украіна не будзе чапаць завод, то Пуцін атрымае вытворчасць зброі паблізу лініі фронту, але пад парасонам. Бо ўсе астатнія расейскія заводы ўжо зазнаюць напады. Так што цалкам залежны ў фінансавым плане ад Расеі Лукашэнка будзе проста выкарыстаны - або для правакацыі Украіны, або для стварэння вайсковай вытворчасці».