CBS: Уолцу прапаноўвалі некалькі пасадаў на выбар пасля адстаўкі
- 3.05.2025, 16:19
Адна з іх – у Саудаўскай Аравіі.
Белы дом прапаноўваў Майку Уолцу выбіраць з некалькіх пасадаў пасля таго, як той страціў працу ў якасці дарадцы прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы.
Пра гэта тэлеканалу CBS News стала вядома ад крыніцаў, паведамляе «Еўрапейская праўда».
У гутарцы з кіраўніцай апарату Белага дому Сьюзэн Уайлс Уолцу было прапанавана некалькі пасольскіх пасадаў, сярод іншага ў Саудаўскай Аравіі.
Пасля нядоўгіх роздумаў Уолц абраў пасаду амбасадара ў ААН.
Паводле словаў крыніцаў, пятніца павінна была стаць апошнім днём Уолца ў Белым доме, а дзяржсакратар Марка Рубіё ўзяў на сябе паўнамоцтвы дарадцы ў нацбяспецы.
Рубіа і Уолц сустрэліся ў чацвер, каб пачаць перадачу справаў.
Як вядома, папярэдні дарадца Трампа ў нацбяспецы Майкл Уолц страціў пасаду пасля скандалу з даданнем журналіста ў чат мэсэнджара Signal, дзе абмяркоўваліся ваенныя ўдары па Емене.
Пасля гэтага СМІ называлі некалькіх прэтэндэнтаў на гэтую пасаду, сярод іншага спецыяльнага пасланніка Трампа Стыва Уіткафа і намесніка кіраўніка апарату Белага дому Стывена Мілера.