Топ-4 фільмы і серыялы, якія падыдуць для сямейнага прагляду
- 3.05.2025, 16:48
Гэтыя стужкі аб'ядноўваюць пакаленні.
У выхадныя хочацца забыцца на працу і руцінныя справы і правесці час з роднымі людзьмі. Але бывае няпроста падабраць кіно, якое аднолькава захопіць і дарослага, і дзіця. Хочацца знайсці такія стужкі, якія сапраўды аб'яднаюць пакаленні.
«Кіно 24» раскажа пра сямейныя фільмы і серыялы, якія будуць удалым варыянтам для прагляду на выходныя:
«Браты Супер Марыё ў кіно»
Калі вам і вашым дзецям падабаюцца класічныя відэагульні, гэты настальгічны фільм будзе ўдалым варыянтам для прагляду. Ён апавядае пра тое, як Марыё і ягоныя сябры выпраўляюцца ў падземны горад, каб выратаваць прынцэсу Піч.
Марыё трэба будзе перамагчы злога Боўзэра і праявіць смеласць, каб перамагчы ў канцы гэтага няпростага шляху. У фільме мала страшных сцэнаў, таму для многіх дзяцей стужка стала ўлюбёнай.
«Найвялікшы шоўмэн»
Гэты сямейны мюзікл здольны пацешыць усіх. У цэнтры сюжэту – жыццё амерыканскага шоўмена Фінеаса Тэйлара Барнума, які вынайшаў сучасны цырк. Стужка паказвае яго кар'ерны рост у шоўбізнэсе і сусветную папулярнасць.
Неверагодны акцёрскі склад, важныя каштоўнасці і мэсэджы, яркія касцюмы – усё гэта захапіць гледача любога ўзросту.
«Юны Шэлдан»
Прыквел да сіткаму «Тэорыя вялікага выбуху» апавядае пра дзяцінства Шэлдана. Падзеі адбываюцца ў тэхаскім мястэчку, дзе маленькі разумнік дзівіць не толькі асяроддзе, але і сваю сям'ю.
Гэта цёплая гісторыя, што зацікавіць кожнага чальца сям'і, бо дзеці будуць успрымаць яе са свайго боку, а дарослыя – са свайго. Да таго ж серыял вучыць прымаць нашых блізкіх такімі, якімі яны ёсць.
«Бывае і горш»
Серыял паказвае звычайную сям'ю Гек, якая пражывае ў мястэчку ў Індыяне. Фрэнсіс і Майк – бацькі, якія спрабуюць зразумець і знайсці падыход да трох зусім розных дзяцей.
Нават у няпростыя часы сям'я знаходзіць нагоды для жартаў і гумару. Гэтая камедыя вучыць цярпенню, узаемаразуменню і падтрымцы ў сям'і – нават у тыя часы, калі ўсё ідзе наперакасяк.