BE RU EN

Літва пачне пазбаўляць ВНЖ расейцаў за частыя паездкі ў РФ ці Беларусь

  • 3.05.2025, 18:30

Выключэнне будзе толькі для кіроўцаў грузавікоў і аўтобусаў.

У Літве з 3 траўня пачалі дзеянне новыя абмежаванні для расейцаў. Краіна пазбавіць віду на жыхарства тых, хто цягам трох месяцаў паедзе ў РФ ці Беларусь больш за адзін раз без уважлівай прычыны, паведамляе LRT.

Выключэннем з'яўляюцца кіроўцы, якія займаюцца міжнароднымі грузавымі і пасажырскімі перавозкамі, у тым ліку тыя, хто працуе ў кампаніях, што едуць у краіны ЕЗ, з іх або транзітам праз Літву. У такіх выпадках палажэнне не ўжываецца.

Паводле звестак Дэпартамента міграцыі, на стан 1 красавіка дзейныя віды на жыхарства ў Літве мелі 14 тысячаў чалавек, 652 з якіх – грамадзяне Расеі.

LRT адзначыла, што закон «Аб устанаўленні абмежавальных захадаў у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны» прыпыняе прыём заяваў на атрыманне шэнгенскіх і нацыянальных візаў ад грамадзянаў Расеі і Беларусі, за выключэннем выпадкаў, калі пасярэдніцтва ў гэтым пытанні ажыццяўляе Міністэрства замежных справаў.

Акрамя таго, заявы ад расейцаў на атрыманне дазволу на часовае пражыванне ў Літве таксама не прымаюцца, а выключэнне робіцца толькі для тых, у каго ёсць дзейная шэнгенская або нацыянальная віза, від на жыхарства ў Літве або іншай краіне ЕЗ.

Таксама расейцы і беларусы, якія ўязджаюць не праз мяжу ЕЗ, праходзяць дадатковую праверку на прадмет пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, дзяржаўнай палітыцы, унутранай бяспецы, грамадскай ахове здароўя або міжнародным стасункам.

Акрамя гэтага, ім забаронена ўвозіць у Літву ці вывозіць з яе ўкраінскія грыўны, а таксама імпартаваць сельскагаспадарчую прадукцыю і кармы з РФ ці Беларусі.

Больш за тое, паводле закону, расейцам, якія не маюць від на жыхарства ў Літве, забаронена набываць нерухомасць у гэтай краіне.

Апошнія навіны