Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі выступіла ў абарону незалежных СМІ
- 3.05.2025, 20:17
Сёння – Сусветны дзень свабоды прэсы.
Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі ў Сусветны дзень свабоды прэсы выступіла з заявай наконт сітуацыі са свабоднымі СМІ ў нашай краіне.
У заяве прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі нагадала пра «важнасць свабодных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі і пра ключавую ролю журналістаў і працаўнікоў СМІ».
«Урад, які забараняе свабодныя СМІ, гэта ўрад, які не давярае свайму народу праўду. У 2025 годзе Беларусь займала 166-е месца са 180 краінаў у рэйтынгу Сусветнага індэкса свабоды прэсы. Журналісты і супрацоўнікі СМІ сістэматычна становяцца ахвярамі пераследу, іх пазбаўляюць волі паводле сфабрыкаваных абвінавачанняў, а таксама пераследуюць іх родных і сяброў. Ім выносяць бесчалавечныя прысуды – да 14 гадоў пазбаўлення волі толькі за тое, што яны выконваюць сваю працу», – гаворыцца ў заяве.
Акрамя таго, Прадстаўніцтва Еўразвязу выступіла з патрабаваннем, каб Беларусь выконвала свае міжнародныя абавязальніцтвы ў забеспячэнні свабоды і незалежнасці прэсы.
«Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя», – такімі словамі заканчваецца заява.