Newsweek: Еўропа плануе працаваць над распрацоўкай свайго знішчальніка
- 3.05.2025, 21:41
Каб замяніць амерыканскі F-35.
Краіны Еўропы хочуць паменшыць сваю вайсковую залежнасць ад ЗША, таму плануюць працаваць над распрацоўкай уласнага знішчальніка шостага пакалення, які мог бы замяніць амерыканскі F-35. Пра гэта піша Newsweek.
У выданні падкрэслілі, што спыненне амерыканскай вайсковай дапамогі Украіне з боку адміністрацыі прэзідэнта Дональд Трампа прымусіла еўрапейскія краіны NATO хвалявацца.
Таксама ёсць чуткі, што амерыканскія знішчальнікі пятага пакалення F-35, якія замовілі сабе еўрапейскія краіны, каб замяніць F-16, маюць «аварыйны выключальнік», каб ЗША маглі іх кантраляваць.
У Newsweek нагадалі, што F-35 вытворчасці кампаніі Lockheed Martin з'яўляецца адзіным знішчальнікам пятага пакалення, які даступны заходнім вайскоўцам, таму многія з 20 краінаў, якія выкарыстоўваюць або набываюць гэтыя самалёты, з'яўляюцца чальцамі NATO.
– Калі карыстальнік F-35 захоча выкарыстоўваць знішчальнікі спосабам, які не задавальняе Злучаныя Штаты, тое гэта будзе абмежаваная магчымасць, таму што Lockheed Martin вельмі хутка зможа перакрыць кран падтрымкі пэўнай краіны, пра якую ідзе гаворка. Такім чынам, нават калі фактычнага «выключальніка» не будзе, Злучаныя Штаты, безумоўна, маюць магчымасць вельмі ўскладніць жыццё карыстальнікам F-35, – адзначыў камадор у адстаўцы Каралеўскіх ВПС Вялікай Брытаніі Эндру Керціс.
Таму Еўропа плануе пабудаваць некалькі розных знішчальнікаў шостага пакалення, якія могуць паступова паступаць на ўзбраенне з сярэдзіны 2030-х гадоў.
Як адзначыў адзін з цэнтральнаеўрапейскіх чыноўнікаў, еўрапейскія чальцы NATO маюць больш матывацыі ўдзельнічаць у праграмах шостага пакалення, якія ўзначальваюць краіны Еўропы.
Чыноўнік зазначыў, што гэтыя краіны чакаюць, што больш дзяржаваў захоча ўзяць удзел у распрацоўцы знішчальнікаў наступнага пакалення.
У той самы час цэнтральнаеўрапейскі чыноўнік падкрэсліў, што краіны, якія выкарыстоўваюць F-35 у Еўропе, запэўнілі адна адну ў тым, што яны не збіраюцца цяпер адмаўляцца ад гэтых знішчальнікаў.
У сваю чаргу Еўропа хоча паступова змяншаць залежнасць ад ЗША, сярод іншага супрацьпаветраная абарона з'яўляецца прыярытэтам на наступныя 20 гадоў, зазначыў чыноўнік.
Цяпер у Еўропе разглядаюць нямецкія Iris-T на замену Patriot, але цалкам адмовіцца ад амерыканскай зброі краіны не збіраюцца.