СМІ: У беларускіх школах цалкам забароняць тэлефоны з 1 верасня
Вядзецца «тлумачальная праца».
Новы навучальны год можа прынесці беларускай сістэме адукацыі шэраг змен. Начальнік галоўнай управы адукацыі Менаблвыканкама Мікалай Башко ў інтэрв'ю абласному выданню расказаў аб ключавых навацыях, якія павінны набыць моц з 1 верасня 2025 года разам з абноўленым Кодэксам аб адукацыі.
Са слоў Башко, хоць наўпроставага згадвання тэлефонаў у Кодэксе няма, норма аб тым, што школа становіцца «тэрыторыяй без тэлефона», усё адно набудзе моц з 1 верасня. Тэма, з яго слоў, «пераспела», цяпер вядзецца «тлумачальная праца», піша «Телеграф».
Механізм, са слоў чыноўніка, просты: прыйшоў у школу - здай гаджэт, пайшоў - забяры. Месцы захоўвання і адказныя асобы ўжо вызначаныя. Башко заявіў, што не ўся інфармацыя з тэлефонаў «кантраляваная», і спаслаўся на досвед «прэстыжных устаноў» і далёкай Аўстраліі, дзе тэлефоны «даўно забароненыя». Узамен ён прапанаваў «наглядныя плакаты, навучальныя дапаможнікі, дошку, крэйду і жывыя стасункі».
Невялікае спрашчэнне чакае пры залічэнні ў секцыі і гурткі дадатковай адукацыі. Калі раней патрабавалася згода двух законных прадстаўнікоў, то з 1 верасня будзе дастаткова заявы непаўналетняга са згоды аднаго з іх, ці проста заявы аднаго з бацькоў/прадстаўнікоў.
Акрамя таго, прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі павінны стаць педработнікамі. Пры гэтым Башко згадаў пра рост статусу і заробкаў.
Пашырацца паўнамоцтвы мясцовых улад па арганізацыі бясплатнай перавозкі дзяцей - зараз не толькі ў школы і садкі, але і на спартыўныя/культурныя мерапрыемствы ў межах буйных населеных пунктаў.
Павінна ўзмацніцца адказнасць замоўцаў мэтавай падрыхтоўкі. Калі арганізацыя сама скасуе дамову з «мэтавіком», ёй давядзецца кампенсаваць дзяржаве выдаткі на яе навучанне.
Чыноўнік таксама прызнаў, што «дзіцячая дэмаграфія» падае, і анансаваў закрыццё 20 устаноў адукацыі на Меншчыне (14 садкоў, 6 школ) у 15 раёнах да 1 верасня. Яшчэ некалькі могуць рэарганізаваць. Так, аптымізацыя закране цэнтры творчасці (па два ў Беразіне і Салігорску).