Украіна можа атрымаць яшчэ дзве сістэмы СПА Patriot
- 4.05.2025, 17:59
Адну з іх з Ізраіля.
Сістэму СПА Patriot даставяць ва Украіну з Ізраіля, акрамя таго, заходнія хаўруснікі Кіева абмяркоўваюць адпраўку яшчэ адной сістэмы з Нямеччыны ці Грэцыі.
Пра гэта ў нядзелю, 4 траўня, піша The New York Times са спасылкай на цяперашніх і былых афіцыйных асоб ЗША, імёны якіх не раскрываецца.
Паводле іх звестак, сістэма СПА Patriot будзе адпраўлена з Ізраіля ва Украіну пасля рамонту.
Пры гэтым суразмоўцы выдання адмовіліся ўдакладняць пункт гледжання прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на пастанову аб перадачы Украіне большай колькасці Patriot. Таксама яны не сталі каментаваць, калі менавіта была прынятая гэтая пастанова — у часы адміністрацыі папярэдняга прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ці пасля вяртання ў Белы дом Трампа.
Як адзначае NYT, на гэты момант ва Украіны восем сістэм Patriot, аднак функцыянуюць толькі шэсць - астатнія дзве знаходзяцца на рамонце. З улікам новых паставак іх можа стаць дзесяць.
Журналісты таксама ўказалі, што, згодна з правіламі, Злучаныя Штаты павінны ўхваляць любыя пастаўкі амерыканскіх ракетных сістэм Patriot ва Украіну, нават калі яны адпраўляюцца праз іншыя краіны.