Трамп паставіў кропку ў чутках аб трэцім тэрміне
- 4.05.2025, 18:20
Прэзідэнт ЗША заявіў, што "плануе перадаць эстафету моцнаму рэспубліканцу".
Прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што не плануе балатавацца на пасаду прэзідэнта ЗША трэці раз. З ягоных слоў, ён засяроджаны на цяперашняй кадэнцыі.
Пра гэта паведамляе NBC News.
У інтэрв'ю для праграмы Meet the Press Трамп распавёў, што атрымліваў шмат просьбаў ад хаўруснікаў зноў балатавацца пасля другога тэрміну, аднак ён разумее заканадаўчыя абмежаванні.
«Я буду прэзідэнтам восем гадоў, я буду прэзідэнтам на два тэрміны. Я заўсёды лічыў гэта вельмі важным», - падкрэсліў Трамп.
Са слоў прэзідэнта, трэці тэрмін - гэта тое, што, "наколькі яму вядома, рабіць не дазволена". Ён дадаў, што не ўпэўнены, ці прадугледжана гэта непасрэдна Канстытуцыяй, хоць 22-я папраўка забараняе абірацца на пасаду прэзідэнта больш за два разы.
Нягледзячы на яго папярэднія заявы і спекуляцыі, між іншым продаж чырвонай кепкі з надпісам «Trump 2028», Трамп заявіў, што не плануе балатавацца трэцім разам. Ён растлумачыў, што плануе правесці паспяховую кадэнцыю і перадаць эстафету "моцнаму рэспубліканцу".