Беларус надрукаваў пісталет-кулямёт на 3D-прынтары
- 5.05.2025, 14:20
Ён трапіў пад крымінальную справу.
33-гадовы жыхар Бярозаўскага раёна надумаў выкарыстоўваць 3D-прынтар для вырабу пісталета-кулямёта. Большасць дэталяў ён зрабіў з пластыка, за выключэннем металічнай рулі, некалькіх спружын і каробку з выкідальнікам.
Як прызнаўся сам мужчына, зброю і боепрыпасы ён ствараў з асабістай цікавасці. Аднак экспэрты ўстанавілі, што з пісталета-кулямёта цалкам можна страляць. Крымінальная справа перададзеная ў суд, паведамляе пракуратура Берасцейскай вобласці.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны не пазней за студзень 2025 года з дапамогай слясарных інструментаў і 3D-прынтара вырабіў дзевяціміліметровы пісталет-кулямёт FGC9 версіі MkII. Экспэрты залічылі яго да катэгорыі наразной агнястрэльнай зброі.
Акрамя таго, жыхар Бярозаўскага раёна вырабіў спружынна-поршневую вінтоўку. А па месцы яго жыхарства была знойдзена механічная сумесь бяздымных порахаў.
Мужчыну інкрымінаваныя выраб, захоўванне і нашэнне агнястрэльнай зброі, а таксама кампанентаў да яе, незаконны выраб пнеўматычнай зброі, а таксама незаконныя набыццё і захоўванне выбуховых рэчываў. Гэта ч. 2 арт.295 і ч. 2 арт. 297 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
На гэты момант абвінавачаны знаходзіцца пад хатнім арыштам.