BE RU EN

У Кіеў прыбыла часовая павераная ў справах ЗША ва Украіне

  • 5.05.2025, 15:31

Джулі Дэвіс раней працавала амбасадаркай у Беларусі.

У панядзелак, 5 траўня, у Кіеў прыбыла часовая павераная ў справах ЗША ва Украіне Джулі С. Дэвіс.

Пра гэта паведаміла амбасада ЗША Ва Украіне, піша «Еўрапейская праўда».

Амбасадарка Дэвіс прыступіла да выканання абавязкаў часовага паверанага ў пасольстве ЗША ў Кіеве 5 траўня, з 2023 года яна займае пасаду пасла ЗША на Кіпры і будзе заставацца акрэдытаванай там на працягу свайго знаходжання ў Кіеве.

Як адзначылі ў амерыканскім прадстаўніцтве, пасля падпісання гістарычнага пагаднення аб стварэнні інвестыцыйнага фонду аднаўлення Украіны Дэвіс прыбыла ва Украіну ў «крытычны момант для працягу рэалізацыі палітыкі прэзідэнта Трампа, накіраванай на заканчэнне вайны і забеспячэнне працяглага міру і працвітання ва Украіне».

У афіцыйнай біяграфіі на сайце амбасады пазначана, што Дэвіс раней працавала амбасадаркай у Беларусі і спецпасланніцай у Літве, мае досвед працы ў Грузіі, Расеі і Украіне.

Дыпламатка таксама займала пасаду намесніцы памочніка Дзяржаўнага сакратара ў пытаннях Заходняй Еўропы і ЕЗ у Бюро ў пытаннях Еўропы і Еўразіі, а таксама намесніцы сталага прадстаўніка ЗША пры NАТО.

Адзначым, што пакуль Дэвіс толькі часова ўзначаліць амбасаду ЗША Ва Украіне: прызначэнне амбасадара патрабуе ўхвалення Сэната, тады як часовы павераны ў справах прызначаецца адміністрацыяй прэзідэнта.

Да гэтага амбасадаркай ЗША Ва Украіне была Брыджыт Брынк, аб адстаўцы якой стала вядома ў красавіку. Са звестак СМІ, амбасадарка надумала пакінуць пасаду на фоне ўзмацнення супярэчнасцяў з адміністрацыяй Трампа.

Апошнія навіны