ISW: УСУ спрабуюць узяць у аблогу расейцаў у Курскай вобласці РФ
- 6.05.2025, 9:43
Украінскія войскі, магчыма, разбурылі яшчэ адзін мост праз раку Сэйм.
Украінскія войскі спрабуюць ізаляваць расейскія падраздзяленні паблізу пасёлка Цёткіна і ва ўсім Глушкаўскім раёне Курскай вобласці РФ. Пра гэта ў сваёй чарговай справаздачы паведаміў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны ISW.
Інфармуючы аб новай аперацыі УСУ на Куршчыне, даследчыкі спасылаюцца выключна на расейскія крыніцы, відавочна праз тое, што ўкраінскія маўчаць аб ходзе гэтых баёў, прынамсі, пра тое, што тычыцца непасрэдных баявых сутыкненняў.
Расейцы ж сярод іншага сцвярджаюць, што ўкраінскія войскі разбурылі мост праз раку Сэйм на прамежку паміж Званым і Цёткіным. Гэта відавочна ўзгадняецца з паведамленнямі пра намер акружыць у гэтым раёне нейкія расейскія падраздзяленні.
Учора, 5 траўня, расейскія крыніцы заявілі, што УСУ атакавалі на мяжы паміж Расеяй і Украінай паблізу Цёткінага і Папова-Ляжачых, а таксама ў раёне новага шляху. Адзначалася, што ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўвалі абсталяванне для размінавання, каб стварыць праход праз расейскія мінныя палі ўздоўж мяжы, але УСУ не дасягнулі істотнага прасоўвання ў гэтым раёне.
Расейскія вайсковыя блогеры таксама інфармуюць аб перастрэлках ля чыгуначнай станцыі Цёткіна і кажуць, што ўкраінскія войскі не захапілі пасёлак і не прарвалі расейскую абарону паблізу новага шляху.
Раней паведамлялася, што ў Курскай вобласці мясцовыя ўлады абвясцілі эвакуацыю памежнага з Украінай пасёлка Глушкава. Прычынай эвакуацыі расейцы называюць “ускладненне становішча”