Расейская авіяцыя спалохалася
- 6.05.2025, 12:51
Знішчальнікі не з'яўляюцца над Чорным морам.
Расея змяніла паводзіны пасля страты двух знішчальнікаў Су-30 над Чорным морам. Акупанты ўзялі тактычную паўзу.
Пра гэта заявіў спікер ВМС УСУ Дзмітрый Плецянчук у эфіры тэлемарафону “Єдині новини”, піша New Voice.
З ягоных слоў, такія страты прымусілі расейскае камандаванне ўзяць тактычную паўзу.
“Калі адбываецца нешта падобнае, яны звычайна бяруць тактычную паўзу і пачынаюць разважаць, што рабіць далей. Але, як правіла, ведаючы расейцаў, яны гэта робяць ужо пасля другога кейса (выпадку — рэд.)”, — адзначыў Плецянчук.
Ён падкрэсліў, што цяпер на першы план выходзіць масавае выкарыстанне дронаў. Расея актыўна выкарыстоўвае іх для нападаў на мацерыковую частку Украіны амаль бесперапынна, нягледзячы на іх высокі кошт і пастаянныя страты.
Расейцы страцілі дамінаванне ў моры, а цяпер пад пагрозай і іх кантроль над паветранай прасторай. Гэта стварае новую рэальнасць, у якой Украіна набывае ўсё больш прасторы для дзеянняў.
“Калі гэтая тэндэнцыя замацуецца, калі будзе развіццё гэтага кейса, то для расейцаў гэта будзе чарговым даволі сур'ёзным выклікам”, — падсумаваў спікер ВМС УСУ.
3 траўня ў сетцы паведамлялі аб знішчэнні расейскага знішчальніка Су-30 ракетай з марскога дрона.