На беразе Бярэзіны прадаюць старадаўні заезны двор коштам патрыманага аўтамабіля
- 6.05.2025, 14:02
Пабудову можна ператварыць у музей, гатэль або краму.
Старадаўні заезны двор у маляўнічым месцы проста зараз шукае таго, хто ўдыхне ў яго новае жыццё. Будынак не выкарыстоўваецца, знаходзіцца ў паселішчы Парычы Гомельскай вобласці, недалёка ад набярэжнай ракі Бярэзіна. Пабудову можна ператварыць у музей, гатэль або краму. Таргі за яго пройдуць у чэрвені на электроннай пляцоўцы «БУТБ-маёмасць». Пачатковы кошт складае блізу 14 тысяч даляраў, піша Realt.
Былы заезны двор размяшчаецца на майскай плошчы ў пасёлку Парычы. Гэта - невялікі населены пункт у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Ад Менска - 180 кіламетраў, ад Гомеля — 160 кіламетраў, ад Бабруйска — 45 кіламетраў.
У канцы XIX стагоддзя мястэчка на Бярэзіне было вядомае як буйны гандлёвы цэнтр. Праз Парычы праходзіў паштовы тракт з Менска і Бабруйска ў Гомель і Чарнігаў. Акрамя таго, тут знаходзілася найбуйнейшая ва ўсім павеце прыстань. Тады ў цэнтры Парычаў была вялікая базарная плошча, вакол якой размяшчаліся заезджыя двары і дамы гандляроў. Адзін з тых заезных двароў канца XIX — пачатку XX стагоддзя дайшоў і да нашых дзён. Цяпер гістарычны будынак шукае новых гаспадароў.
У апошнія гады ў пабудове плошчай 289 квадратных метраў размяшчаўся камбінат камунальна-бытавога абслугоўвання. Цяпер будынак не выкарыстоўваецца і знаходзіцца на балансе аддзела культуры Светлагорскага райвыканкама. Варта адзначыць ўдалую лакацыі аб'екта. Побач - цэнтр Парычаў, крамы, кавярні і пляж.
У дадатак да будынка новы ўласнік атрымае зямельны надзел плошчай 19 сотак. Яго дадуць у арэнду на 25 гадоў. Атмасферны дом можна выкарыстоўваць пад размяшчэнне аб'ектаў адміністрацыйнага або гандлёвага прызначэння, грамадскага харчавання, аховы здароўя і бытавога абслугоўвання насельніцтва, а таксама ўстаноў культуры і адукацыі. Гэта значыць, тэарэтычна ў будынку былога заезнага двара можа з'явіцца і гатэль, і кавярня, і гандлёвы цэнтр, і музей.
Таргі пройдуць на электроннай пляцоўцы «БУТБ-маёмасць». Яны прызначаныя на 3 чэрвеня.
Пачатковы кошт будынка складае 41,6 тысячы рублёў (каля 14 тысяч даляраў).