Беларус паскардзіўся на «вельмі страшнае пудзіла» ў суседа на пляцы
- 6.05.2025, 15:41
Ці абавязаны той яго прыбраць?
Нетрывіяльны суседскі канфлікт разгарэўся ў Менскім раёне. Адзін з жыхароў усталяваў на сваім агародзе пудзіла для абароны ўраджаю, а яго суседу пудзіла катэгарычна не спадабалася. Ён паскардзіўся, што яно «вельмі страшнае» і «псуе яму настрой», запатрабаваўшы яго неадкладна прыбраць. Гаспадар жа агарода заўважыў, што птушкі пудзіла баяцца, а значыць, ураджай будзе цалейшы. Ён звярнуўся па тлумачэнне, ці сапраўды ён абавязаны ісці на просьбу суседа і прыбіраць сваё пудзіла.
Як высветлілася, прымусіць прыбраць пудзіла толькі таму, што яно камусьці не падабаецца і «псуе настрой», нельга. Гэта занадта «суб'ектыўнае паняцце», і яно не можа быць законнай падставай для такіх патрабаванняў, патлумачыла адвакатка Крысціна Якута-Марчук у каментары для выдання «АІФ».
Паводле ейных слоў, ставіць пудзіла на сваім пляцы цалкам законна, калі яно само па сабе не парушае закон — гэта значыць не ўтрымлівае якой-небудзь забароненай сімволікі, малюнкаў або інфармацыі. Калі гэтых парушэнняў няма, то вызначаць, пакідаць пудзіла або прыбіраць, прымае толькі сам уладальнік пляца.
Зрэшты, спецыялісты сумняваюцца ў доўгатэрміновай эфектыўнасці такога сродку абароны ад птушак. Як адзначыў арнітолаг Яўген Коблік, птушкі сапраўды могуць баяцца новага пудзіла некалькі дзён, але даволі хутка да яго звыкаюць і перастаюць звяртаць увагу. Так што, магчыма, гаспадару ўсё адно давядзецца яго перыядычна перамяшчаць або змяняць, каб яно працягвала працаваць. А ўражліваму суседу, магчыма, варта пазбягаць погляду на гэты пляц да збору ўраджаю.