Расейская эліта на травеньскія святы паляцела на Блізкі Усход і ў Афрыку
- 6.05.2025, 18:37
На першае месца па папулярнасці выйшлі Арабскія эміраты і Турцыя.
Падчас травеньскіх выходных значна павысілася актыўнасць палётаў расейскіх бізнэс-джэтаў, звязаных з палітыкамі і прадпрымальнікамі. Прыкметная частка расейскай эліты правяла або праводзіць пачатак месяца на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, паведамляе The Moscow Times.
На першае месца па папулярнасці чакана выйшлі Арабскія эміраты і Турцыя. Паводле звестак рэсурсаў па адсочванні рэйсаў прыватнай авіяцыі, борт Embraer Legacy 650E (RA-02875), які асацыяваўся з кіраўніком Сбербанка Германам Грэфам, быў заўважаны ў Дубаі (ААЭ). У сталіцы Эміратаў - Абу-Дабі - быў заўважаны адзін з самых дарагіх прыватных самалётаў у Расеі Bombardier Global 7500 (RA-73592). Яго звязваюць з бізнэсоўцам Альбертам Аўдалянам, які сябруе з кіраўніком «Растэха» Сяргеем Чэмезавым і часам дае яму палётаць на сваіх самалётах.
У ААЭ накіраваўся Bombardier Global 6500 (RA-73573), якім карыстаўся найбуйнейшы латыфундыст і экс-міністр сельскай гаспадаркі Аляксандр Ткачоў, а таксама Bombardier Challenger 850 (RA-67244), звязаны з бізнэсоўцам украінскага паходжання Сяргеем Курчанкам, які жыве ў Расеі.
Турцыя таксама прывабіла частку расейскай эліты. Bombardier Global Express 5000 (RA-67226), які звязаны з сям'ёй былога прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, апынуўся на травеньскія святы ў Стамбуле, а Gulfstream G650 (RA-11000), звязаны з уладальнікам «Еўрахіма» Дзмітрыем Мазепіным, адзначыўся ў турэцкім Бодруме.
Асобныя прадстаўнікі расейскай эліты аддалі перавагу больш экзатычным кірункам. Dassault Falcon 8X (RA-09606), які выкарыстоўваецца прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым, паляцеў у Аман, а самалёт Bombardier Global 6000 (RA-67160), звязаны са сталеліцейным магнатам Аляксеем Мардашовым, адправіўся на Сэйшэльскія выспы. 1 траўня там жа апынуўся і самалёт Bombardier Global 5000 (RA-73577), звязаны з фармацэўтычным магнатам Аляксеем Рэпікам - гэтым жа бортам раней карысталася дачка Уладзіміра Пуціна Кацярына Ціханава. Але на Сэйшэлах гэты борт не застаўся і працягнуў палёты — 3 траўня ён спыніўся на Мальдывах, а 5-га прыляцеў у загадкавы Занзібар (Танзанія).