BE RU EN

Масавы налёт дронаў: Украіна ўдарыла па шэрагу расейскіх заводаў

  • 7.05.2025, 9:14

Таксама атакаваны два аэрадромы.

У Расеі быў атакаваны шэраг важных прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, а таксама два аэрадромы, паведаміў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка.

Паводле ягонай інфармацыі, у Саранску пашкоджаны завод оптавалакновых сістэм, які з'яўляецца ключавым элементам расейскай абароннай прамысловасці ў сферы сучаснай вайсковай сувязі. Гэты завод таксама спецыялізуецца на вытворчасці оптавалакновых кабеляў і сістэм сувязі для войска Расеі, для дронаў на оптавалакне.

У Туле было атакаванае Канструктарскае бюро прыборабудавання. Гэта прадпрыемства з'яўляецца "адным з флагманаў" расейскага ВПК, спецыялізуецца на распрацоўцы сучасных сістэм узбраенняў, уключаючы супрацьтанкавыя комплексы, стралковую зброю і баявыя модулі, удакладніў Каваленка. Яго прадукты актыўна выкарыстоўваюцца падчас вайны ва Украіне.

Таксама пад атакай апынулася прадпрыемства "Сплав", якое з'яўляецца галоўным распрацоўшчыкам рэактыўных сістэм залпавага агню ў РФ.

“Менавіта тут стваралі “Грады”, “Ураганы” і “Смерчы”, якія актыўна выкарыстоўваюцца супраць украінскіх гарадоў і на фронце”, - удакладніў ён.

Каваленка дадаў, што ў прадпрыемства шчыльная сувязь з канцэрнам Растэх і яно застаецца адным з прыярытэтных вытворцаў зброі для расейскага войска.

Акрамя прадпрыемстваў, былі таксама атакаваныя два аэрадромы, удакладніў кіраўнік ЦПД. Аэрадром Шайкоўка ў Калужскай вобласці, дзе базуюцца Ту-22м3, захоўваюцца ракеты, у тым ліку Х-22. А таксама авіябаза Кубінка ў Маскоўскай вобласці, дзе базуюцца Су-27, МіГ-29.

Апошнія навіны