ЗША і Кітай дамовіліся пачаць гандлёвыя перамовы
- 7.05.2025, 11:13
Сустрэнуцца на нейтральнай тэрыторыі.
Злучаныя Штаты Амерыкі і Кітай на гэтым тыдні пачнуць гандлёвыя перамовы, каб знізіць напружанне ў Мытным супрацьстаянні.
Міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт і гандлёвы прадстаўнік ЗША Джэймісан Грыр адправяцца ў Швайцарыю для сустрэчы з кітайскай дэлегацыяй, якую ўзначаліць віцэ-прэм'ер Хэ Ліфэн, піша Bloomberg.
Гэта будуць першыя афіцыйныя гандлёвыя перамовы паміж Кітаем і ЗША пасля таго, як Дональд Трамп абвясціў аб увядзенні штрафных мытаў у памеры 145% супраць Кітая, на якія Пекін адказаў 125% мытамі.
У Інтэрв'ю Fox News, Бесэнт сказаў, што гэтыя тарыфныя стаўкі не з'яўляюцца ўстойлівымі і напраўду азначаюць эмбарга.
Перамовы, якія пройдуць у суботу і нядзелю, будуць сканцэнтраваны на дээскалацыі, а не на вялікай угодзе.
«Мы павінны дээскаляваць сітуацыю, перш чым рухацца далей. Мы не хочам разрываць эканамічныя сувязі, мы хочам справядлівага гандлю», - сказаў Бесэнт.
Спыненне гандлю з ЗША таксама нявыгаднае Кітаю, пра што сведчыць значнае скарачэнне вытворчай актыўнасці ў красавіку.
Кітайскія ўлады ўжо пачалі ўводзіць шэраг стымуляцыйных эканамічных захадаў, каб змякчыць эканамічную шкоду, выкліканую гандлёвай вайной, піша Reuters.
Цэнтральны банк КНР надумаў знізіць кошт некаторых запазычанняў і змяншае нарматыў рэзервавання для банкаў, які павінен вызваліць 1 трыльён юаняў (прыблізна $138 мільярдаў) ліквіднасці для эканомікі.