BE RU EN

Reuters: Як сусветныя лідары адрэагавалі на ўдары Індыі па Пакістане

  • 7.05.2025, 11:16

Заклікі да стрыманасці, асцярогі эскалацыі, падтрымка Індыі ў барацьбе з тэрарызмам.

Індыя заявіла, што нанесла ўдары па тэрыторыі Пакістана ў сераду раніцай у адказ на нядаўнюю атаку на турыстаў у Кашміры. Пакістан паведаміў пра восем загінулых і заявіў, што пачаў дзеянні ў адказ, паведамляе агенцтва Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).

Вось як сусветныя лідары адрэагавалі на чарговую эскалацыю паміж дзвюма ядзернымі дзяржавамі:

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп

«Гэта сумна. Я толькі што пачуў пра гэта. Мяркую, многія чакалі, што нешта адбудзецца, улічваючы мінулае. Яны ваююць ужо вельмі доўга. Шмат дзесяцігоддзяў. Спадзяюся, усё хутка скончыцца»

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа:

«Я ўважліва сачу за сітуацыяй паміж Індыяй і Пакістанам. Далучаюся да слоў прэзідэнта, выказаных сёння раней, пра надзею на хуткае заканчэнне канфлікту, і працягну ўзаемадзейнічаць з індыйскім і пакістанскім кіраўніцтвам дзеля мірнага ўрэгулявання».

Прэс-сакратар Генеральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыш

«Генеральны сакратар глыбока ўстурбаваны дзеяннямі індыйскага войска за лініяй кантролю і на міжнароднай мяжы. Ён заклікае абедзве краіны да максімальнай вайсковай стрыманасці. Свет не можа дазволіць сабе вайсковае сутыкненне паміж Індыяй і Пакістанам».

Галоўны сакратар кабінета міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі

«Што тычыцца тэрарыстычнага акту, які адбыўся ў Кашміры 22 красавіка, наша краіна рашуча асуджае такія дзеянні. Мы таксама выказваем сур'ёзную ўстурбаванасць тым, што тое, што адбываецца можа прывесці да далейшых удараў у адказ і перарасці ў поўнамаштабны ўзброены канфлікт. Дзеля міру і стабільнасці ў Паўднёвай Азіі мы настойліва заклікаем Індыю і Пакістан да стрыманасці і развязання канфлікту з дапамогай дыялогу».

Прадстаўнік МЗС Кітая

«Кітай са шкадаваннем успрымае вайсковую аперацыю Індыі, праведзеную сёння раніцай. Мы занепакоеныя абвастрэннем сітуацыі. Заклікаем абодва бакі дзейнічаць у інтарэсах рэгіянальнага міру і стабільнасці, захоўваць спакой, праяўляць стрыманасць і пазбягаць дзеянняў, якія могуць яшчэ больш ускладніць становішча».

Пасол Ізраіля ў Індыі Рэўвен Азар

«Ізраіль падтрымлівае права Індыі на самаабарону. Тэрарысты павінны ведаць - няма месца, дзе можна схавацца ад адказнасці за іх гнюсныя злачынствы супраць мірных грамадзян».

Апошнія навіны