Кардыналы ў Ватыкане пачалі працэс абрання новага Папы Рымскага
- 7.05.2025, 14:29
Стартаваў канклаў.
Амаль 130 кардыналаў Рымска-каталіцкай царквы пачалі ў сераду, 7 траўня, працэс абрання новага Папы Рымскага - канклаў. Ягоны першы дзень, у асноўным, адводзіцца пад розныя рэлігійныя і падрыхтоўчыя цырымоніі, паведамляе «Радыё Свабода».
Кардыналы засядаюць і галасуюць, таемна і зачыніўшыся ад свету, у распісанай фрэскамі Сікстынскай капэле Ватыкана. Кожны, хто парушае сакрэтнасць, аўтаматычна адлучаецца ад царквы. Вернікі змогуць даведацца, ці абраны новы Папа, па дыме, які пасля кожнага раўнда ідзе са спецыяльна ўсталяванага коміна: чорны дым азначае, што Папу не абралі, белы — новы Папа абраны.
Абранне ўжо сёння магчыма, але малаверагодна. У першы дзень канклава звычайна праходзіць толькі адзін раўнд галасавання. Канклавы, на якіх былі абраныя папярэднія пантыфікі — Францішак, Бэнэдыкт XVI і Ян Павел II — доўжыліся па два-тры дні. Самы доўгі канклаў працягваўся амаль тры гады. Гэта было ў другой палове XIII стагоддзя.
Фармальна Папам можа быць абраны абсалютна кожны каталік-мужчына, але з XIV стагоддзя на пасаду абіраліся толькі кардыналы.
Папа Рымскі Францішак памёр 21 красавіка, у Велікодны панядзелак. Пантыфіку было 88 гадоў. Апошнія месяцы перад смерцю ён праходзіў лячэнне ад запалення лёгкіх і выкліканых гэтым ускладненняў. Францішка, згодна з ягоным тастаментам, пахавалі ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Яго папярэднікаў апошнія сто гадоў хавалі ў гротах Ватыкана.