ЕЗ упершыню ўдарыць па «Лукойлу» за стварэнне ценявога флоту
- 7.05.2025, 17:49
"Лукойл" займае 2-е месца паводле аб'ёму марскога экспарту нафты.
У рамках новага пакета санкцый Еўразвяз разглядае іх увядзенне супраць Litasco Middle East DMCC, нафтатрэйдынгавага падраздзялення «Лукойла», а таксама «Сургутнафтагаза» і страхавой кампаніі ВСК. «Літаска», якая пасля пачатку вайны ва Украіне перабазавалася са Швайцарыі ў Дубай, упершыню трапіць пад заходнія санкцыі, піша Bloomberg са спасылкай на еўрапейскія дакументы.
Litasco Middle East плануецца пакараць за ўдзел у фармаванні ценявога флоту танкераў, якія перавозяць расейскую нафту, гаворыцца ў прапанове. Агулам ЕЗ мае намер дадаць у санкцыйныя спісы блізу 150 танкераў, павялічыўшы іх колькасць да больш як 300, а таксама 60 фізічных асоб, адзначае The Moscow Times.
Нафтатрэйдынгавая кампанія «Літаска» працавала ў Швайцарыі. Пасля расейскага ўварвання ва Украіну і ўвядзення заходніх санкцый, да якіх Швайцарыя далучылася, частка супрацоўнікаў пакінула кампанію, а яе гандлёвыя аперацыі былі пераведзеныя ў Дубай. У апошнія месяцы яна актыўна наймала супрацоўнікаў у офісы ў розных краінах, піша Bloomberg.
Санкцыі абмежавалі магчымасці для заходніх кампаній займацца перавозкай нафты з Расеі, якая пачала будаваць ценявы флот, купляючы старыя танкеры і рэгіструючы ў розных краінах мноства фірмаў, якія імі валодаюць і кіруюць. Litasco Middle East удзельнічае ў гэтым працэсе, паказала летась расследаванне Financial Times. Газета выявіла схему, у рамках якой «Лукойл» папоўніў ценявы флот на 25 танкераў. Кожны з іх набываўся асобнай афшорнай кампаніяй, якая належала іншай, а то і некалькім іншым фірмам. Кіравалі караблямі дубайскія кампаніі пакістанскага суднавага прадпрымальніка, якога брытанскія суды пераследуюць за падман інвестараў.
Усе пакупкі фінансавала дубайская Eiger Shipping DMCC, якая належыць Litasco Middle East. На гэтыя 25 танкераў было выдаткавана больш за $700 млн, і пасля траплення ў ценявы флот яны займаліся транспартаванням практычна толькі расейскай нафты (97% усіх паставак, у тым ліку 82% прыйшлося на нафту «Лукойла»), перавёз каля 119 млн барэляў.
Летась «Лукойл» займаў 2-е месца паводле аб'ёму марскога экспарту нафты. На 3-м быў «Сургутнафтагаз», супраць якога ЕЗ таксама плануе ўвесці санкцыі. У студзені «Сургут» разам з «Газпром нафтай» трапіў у чорны спіс ЗША. Яшчэ адзін кандыдат – страхавая кампанія ВСК, санкцыі супраць якой у 2024 года ўвяла Вялікабрытанія.
Новыя меры могуць абмежаваць магчымасці еўрапейскіх марскіх перавозчыкаў, якія аднавілі транспартаванне расейскай нафты пасля таго, як яе кошт у апошнія месяцы ўпаў ніжэй за цэнавую столь $60 за барэль. Калі пад санкцыі трапяць здабывальныя і гандлёвыя кампаніі, суднаўладальнікам (а сярод іх шмат грэцкіх фірмаў) стане складаней працаваць з расейскай нафтай, адзначае Bloomberg.