«Рэал» прызнаны самым дарагім футбольным клубам
- 7.05.2025, 19:27
Клуб з Мадрыда ацанілі на $6,53 млрд.
Мадрыдскі «Рэал» стаў самым дарагім футбольным клубам у свеце. Паводле звестак Sportico, мадрыдскі футбольны клуб «Рэал» ацэньваецца на $6,53 млрд.
У топ-5 таксама ўваходзяць ангельскі «Манчэстэр Юнайтэд» ($6,09 млрд), гішпанская «Барселона» ($5,71 млрд), ангельскі «Ліверпуль» ($5,59 млрд) і мюнхенская «Баварыя» ($5,21 млрд). 10 самых дарагіх каманд свету асталяваліся ў Еўропе, але ў топ-50 больш за ўсё клубаў прадстаўлена паўночнаамерыканскай Галоўнай футбольнай лігай (MLS) – 19 камандаў. На другім месцы ў прадстаўніцтве размясцілася Ангельская прэм'ер-ліга (АПЛ) – 14, на трэцім італьянская Серыя А – 5. У агульнай колькасці 50 самых дарагіх футбольных клубаў свету каштуюць $ 86 млрд.
Адзначаецца, што агульны прыбытак клубаў указаны без уліку трансфераў і падатку на даданую вартасць. Ён уключае тры асноўныя катэгорыі: паступленні ад тэлетрансляцый, камерцыйнай дзейнасці і матчавыя прыбыткі.
Прыбыткі ад тэлетрансляцый фармуюцца за кошт унутраных і міжнародных кантрактаў на трансляцыі. Таксама сюды ўключаюцца прызавыя выплаты за ўдзел у турнірах, такіх як Ліга чэмпіёнаў УЕФА. У сезоне-2023/24 самыя высокія прыбыткі ад трансляцый атрымаў «Манчэстэр Сіці» – $371 млн. Клуб заняў першае месца ў Ангельскай прэм'ер-лізе, якая мае самыя прыбытковыя тэлеправы сярод усіх ліг, і дадаткова зарабіў амаль $120 млн за выхад у чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў.
У камерцыйныя прыбыткі ўключаныя паступленні ад спонсарскіх пагадненняў, рэкламы, карпаратыўнай гасціннасці, кейтэрынгу і мерапрыемстваў, не звязаных з днямі матчаў. Як адзначае Sportico, фундатар на футболцы і кантракт з тэхнічным партнёрам прыносяць топ-клубам велізарныя грошы. Так, кампанія Emirates штогод плаціць «Рэалу» больш за $ 70 млн за размяшчэнне свайго лагатыпа на хатняй і выязной форме каманды, а кантракт «Манчэстэр Юнайтэд» з Adidas ацэньваецца як мінімум на $ 100 млн за год і ўключае глабальныя правы на продаж мерча з трыма палоскамі. Мюнхенская «Баварыя» зарабіла рэкордныя $ 455 млн у катэгорыі камерцыйных прыбыткаў дзякуючы партнёрству з Deutsche Telekom, Adidas, Audi і Allianz.
Прыбыткі ад матчаў уключаюць продажы квіткоў, унёскі чальцоў, а таксама прыбыткі ад кубкавых турніраў і перадсезонных сустрэчаў. Паводле крыніцы, у еўрапейскім футболе гэты артыкул, як правіла, з'яўляецца найменш значным у аб'ёме. Пры гэтым «Рэал» тут зарабіў $346 млн, у тым ліку $82 млн ад продажу іменных абанементаў на месцы на стадыёне – гэта ў два разы больш, чым у любога іншага клуба.