BE RU EN

Навукоўцы знайшлі ген, які дазваляе спаць усяго тры гадзіны за содні

  • 7.05.2025, 19:59

Некаторым людзям даволі гэтага часу, каб адчуваць сябе бадзёрымі і здаровымі.

Звычайна чалавеку трэба блізу васьмі гадзінаў сну, каб арганізм мог аднавіцца і працаваць нармальна. Але ёсць людзі, якія спяць усяго 3–6 гадзінаў за содні і пры гэтым выдатна сябе адчуваюць. Такія людзі называюцца «кароткаспячымі». Навукоўцы з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Францыска вывучылі іх ДНК і выявілі мутацыю ў гене SIK3, які дапамагае кіраваць унутраным гадзіннікам арганізма – цыркадным рытмам.

Даследаванне пачалося, калі да нейрабіёлага Ін-Хуэй Фу звярнуліся людзі, якія спяць менш за шэсць гадзінаў. Навукоўцы прааналізавалі геном адной сям'і і знайшлі рэдкую мутацыю. Пазней яны даведаліся пра сотні іншых кароткаспячых і выявілі некалькі мутацый у розных генах, у тым ліку SIK3.

Каб праверыць, як гэтая мутацыя ўплывае на сон, навукоўцы правялі эксперымент на мышах. Яны ўвялі мутацыю ў ген SIK3 некаторым мышам і параўналі іх са звычайнымі. Высветлілася, што мышы з мутацыяй спалі ў сярэднім на 30 хвілінаў менш. Таксама навукоўцы заўважылі, што ў гэтых мышэй мозг працаваў больш актыўна, асабліва ў галіне сінапсаў – месцаў, дзе нервовыя клеткі перадаюць сігналы.

Навукоўцы мяркуюць, што гэтая мутацыя дапамагае мозгу хутчэй аднаўляцца, таму людзям з ёй трэба менш сну. Яны спадзяюцца, што далейшыя даследаванні дапамогуць лепш зразумець, як працуе сон, і знайсці новыя спосабы лячэння бессані і іншых парушэнняў сну.

Апошнія навіны