У Еўропе распрацоўваюць сістэмы аплаты картамі, якія будуць працаваць без інтэрнэту
- 7.05.2025, 20:08
Падрабязнасці.
Як мінімум некалькі краінаў Еўропы рыхтуюцца ўкараніць афлайн-сістэмы аплаты картамі, якая будзе працаваць у выпадку страты інтэрнэт-злучэння – у тым ліку і праз сабатаж.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Чалец управы Банка Фінляндыі Туомас Валімакі заявіў, што з прычыны поўнамаштабнай вайны ў Еўропе вырасла верагоднасць збояў інтэрнэт-інфраструктуры.
Паколькі папулярнасць грошай гатоўкай у Еўропе падае (сярод фінаў такіх – 10%), у выпадку страты сувязі жыхары не змогуць аплачваць тавары і паслугі.
«Паколькі картачныя плацяжы патрабуюць функцыянавання міжнародных каналаў перадачы звестак, Фінляндыя павінна быць гатовая да перабояў. Вядома, многія іншыя краіны знаходзяцца ў такой самай сітуацыі», – адзначыў Валімак.
Паводле ягоных словаў, Фінляндыя за некалькі гадоў увядзе нацыянальную сістэму імгненных плацяжоў, а афлайн-плацяжы стануць даступныя для спажыўцоў ужо ў 2025 годзе.
Ён дадаткова сцвярджае, што Нарвегія, Швэцыя, Данія і Эстонія таксама плануюць увесці афлайн-плацяжы карткамі.
Цэнтральны банк Швэцыі паведаміў Reuters, што спадзяецца да 1 ліпеня 2026 года стварыць сістэму, якая дазволіць швэдам ажыццяўляць афлайн-плацяжы карткамі для набыцця тавараў першай неабходнасці ў выпадку перабояў, якія прадаўжаюцца да сямі дзён.
А цэнтральныя банкі Нарвегіі і Даніі заявілі агенцтву, што ўжо запусцілі афлайн-электронныя плацяжы, якія прадаўжаюць развіваць.