BE RU EN

Што не «могуць паўтарыць» Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі

  • 8.05.2025, 9:07

Пра што кажа гісторыя «першага ў Беларусі штурму Рэйхстага»

Гарадзенскія ўлады «змаглі паўтарыць». На шчасце, увасабленне ў жыццё расейскага рэваншысцкага лозунга пакуль абмежавалася пастаноўкай «штурму Рэйхстага», у які на час ператварылі мясцовы ДК тэкстыльшчыкаў. Але, на жаль, тэндэнцыя не можа не палохаць, піша «Салiдарнасць».

За «дзействам», пачынаючы з рэпетыцый, назіраў нядаўна прызначаны кіраваць вобласцю Юрый Караеў. Той самы, у чыю бытнасць міністрам унутраных спраў у жніўні 2020-га міліцэйскія аддзяленні і ізалятары па ўсёй краіне ператварыліся ў катавальні.

Пры ўдзеле якога пад Слуцкам арганізавалі сапраўдны канцлагер для ўдзельнікаў пратэстаў. Чыноўнік, які назваў беларусаў «пакорлівым насельніцтвам». Вось такія ў нас «нашчадкі Перамогі», такія «змагары з нацызмам».

Гарадзенскі «Рэйхстаг» - добрая нагода задумацца над тым, што «могуць паўтарыць» людзі ля стырна, а з чым ім не даць рады ніколі.

Усё, што яны «могуць паўтарыць» — гэта вярнуць да жыцця элементы савецкай тыраніі. Адначасна максімальна абмежаваўшы свабоду грамадзян і пасеяўшы страх у грамадстве.

Лукашэнка змог прысвоіць будучаму гістарычнаму музею, які аддае Савецкім нафталінам статус «Усебеларускай моладзевай будоўлі».

Але для самой моладзі яму няма чаго прапанаваць акрамя прымусовага падарожжа ў мінулае стагоддзе - з абавязковым размеркаваннем, грубай прапагандай і рызыкай у агляднай будучыні загінуць за інтарэсы Расеі.

Усё што ён можа — паабяцаць бацькам і далей траўмаваць псіхіку іх дзяцей сцэнамі вайны з мінулага стагоддзя.

Чыноўнікі і палітрукі ўсіх рангаў могуць ладзіць юбілейныя танцы на касцях, абвінавачваючы ў выдуманых грахах «фашысцкую» Еўропу. Але ў іх так і не атрымалася (ці яны банальна не захацелі) зрабіць сапраўды камфортным рэшту жыцця некалькіх сотняў франтавікоў і ветэранаў.

Куды прасцей заявіцца з акардэонам у няпрошаныя госці да нямоглага старога, які ўжо не можа нават адмовіцца ад рытуальных візітаў, чым арганізаваць яму (і іншым удзельнікам вайны) паўнавартасны сыход на кожны дзень, а не толькі да круглай даты.

«Нашчадкі Перамогі» не змаглі зрабіць так, каб сёння беларусы жылі хаця б не горш за пераможаных калісьці немцаў. А можа яны не імкнуліся гэтага зрабіць — бо лягчэй за ўсё кіраваць тымі, хто думае толькі пра тое, як дажыць да наступнага заробку.

І ўжо сапраўды ў цяперашняга рэжыму не атрымаецца павярнуць час назад, колькі не чапляйся за яго хоць сінімі пальцамі, хоць зубамі ці мёртвымі рукамі. Але цану за гэта чаплянне ўсе мы можам заплаціць вельмі дарагую.

Апошнія навіны