У Варшаўскім універсітэце мужчына з сякерай напаў на людзей
- 8.05.2025, 9:30
Ён адсек галаву вахцёрцы.
На тэрыторыі Варшаўскага ўніверсітэта мужчына з сякерай напаў на людзей і забіў супрацоўніцу, паведамляе PAP. Ён затрыманы, са звестак СМІ, на месцы злачынства знойдзена адсечаная галава забітай жанчыны.
Інцыдэнт адбыўся а 18.40 7 траўня ў цэнтры польскай сталіцы. Паліцыя паведаміла, што мужчына ўварваўся на тэрыторыю кампуса Варшаўскага ўніверсітэта і напаў на людзей з сякерай.
Адзін чалавек загінуў, другога з цяжкімі траўмамі даставілі ў лякарню.
Як піша RMF 24, ахвярай нападу стала 60-гадовая вахцёрка аднаго з карпусоў універсітэта. Са звестак Polsat і Польскага радыё, на тэрыторыі кампуса была знойдзена яе адсечаная галава. Пацярпелы - ахоўнік універсітэта, які паспрабаваў умяшацца.
Нападнік затрыманы, гэта 22-гадовы грамадзянін Польшчы. Яго матывы пакуль невядомыя.