Самы доўгі пешаходны мост у Беларусі адкрылі пасля рэканструкцыі
- 8.05.2025, 9:39
Работы доўжыліся сем месяцаў.
У Гомелі пасля рэканструкцыі адкрылі самы доўгі пешаходны мост у Беларусі працягласцю 550 метраў. Пра гэта піша БелТА.
Гэта інжынернае збудаванне злучае самым кароткім маршрутам Гомельскія мікрараёны Гомсельмаш і Стары Аэрадром.
Са слоў старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава, эстакада значна скарачае шлях і эканоміць час пешаходам і веласіпедыстам. Шпацыр па мосце займае ўсяго некалькі хвілін. А калі скарыстацца грамадскім транспартам, то паміж канчатковымі пунктамі маршруту на дарогу з перасадкай сыдзе ў сярэднім паўгадзіны.
Рэканструкцыя моста працягвалася сем месяцаў. За гэты час умацавалі пралётныя канструкцыі, замянілі агароджы, рэканструявалі сходы, а таксама абсталявалі дах і асвятленне. Будаўнікі прадугледзелі і пандусы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, мам з дзіцячымі вазкамі, веласіпедыстаў.