ЦПД: Расея хоча скрасці подзвіг беларусаў і ўкраінцаў
- 8.05.2025, 11:33
Крэмль працягвае выкарыстоўваць вайну як ідэалагічны інструмент.
Расейцы ўклалі ў перамогу ў Другой сусветнай вайне значна менш, чым украінцы і беларусы. Аднак РФ працягвае актыўна выкарыстоўваць гэта як ідэалагічны інструмент. Пра гэта заявіў начальнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка.
«Так званая «Вялікая Айчынная вайна», выкарыстоўваецца Расеяй як ідэалагічны інструмент - гэта толькі частка Другой сусветнай вайны, якая была значна большая. Падмена паняццяў служыць спробай РФ прыпісаць сабе ролю адзінага пераможцы, тады як напраўду перамога была вынікам аб'яднаных намаганняў многіх краін, уключаючы Украіну і іншыя краіны былога СССР», - піша Каваленка.
Ён таксама адзначыў, што расейцы ўклалі ў перамогу менш за ўкраінцаў і беларусаў:
«І сёння, нават нягледзячы на тое, што Расея называе беларусаў хаўруснікамі, яна змяншае подзвігі не толькі ўкраінскага народа, але і беларускага, не ўспамінаючы наогул пра ролю іншых народаў акрамя расейскага».
Перамога над нацызмам стала магчымай дзякуючы супольнаму ўкладу ўкраінцаў, беларусаў, ЗША, Вялікабрытаніі, сілам супраціву ў Францыі, Польшчы, індыйскаму народу, які зрабіў значны ўклад у брытанскія войскі, а таксама аўстралійцам, жыхарам Новай Зеландыі і Кітая.
«Гэта агульны ўклад у перамогу над нацызмам. Расейцы адыгрывалі сваю ролю, але значна меншую, чым усе астатнія», - рэзюмуе Андрэй Каваленка.