Быццам жывыя: у Гародні майстар вылепіў з незвычайнага матэрыялу аленяў у натуральную велічыню
- 8.05.2025, 15:02
Праца заняла каля паўгода.
Скульптар Сяргей Жыльскі з Гародні для стварэння сваіх работ выкарыстоўвае незвычайны матэрыял.
Прыгажосць ён творыць пры дапамозе звычайнага бетону. Здаецца, матэрыял суровы і цяжкі, але скульптуры пры гэтым атрымліваюцца вельмі жывыя, лёгкія і быццам бязважкія, піша NewGrodno.
Чарговая праца майстра - два паўночныя алені ў натуральную велічыню. Складана паверыць, што і яны створаны з бетону (у аснове, дарэчы, металічны каркас). Алені выглядаюць сапраўднымі, здаецца, яшчэ імгненне і яны ажывуць, а затым памчацца ў лес.
«Праца заняла амаль паўгода. Усё ж такі шмат дробных дэталяў. Ляпілі літаральна ўсёй сям'ёй. Дапамагалі мне ў гэтым і жонка, і нават унукі», — распавядае скульптар.
Чаму менавіта алені? Пытанне на гэты адказ просты! Высакародныя жывёлы дапоўнілі кампазіцыю з адной з папярэдняй работ скульптара – беларускай Снягуркі.
Статуя казачнай дзяўчыны ў санках ўстаноўленая ў адным з санаторыяў Берасцейскай вобласці. Паводле падання, менавіта тут і знаходзіцца радзіма Снягуркі.
Цяпер у сані запрэглі і аленяў. Усе разам яны ствараюць сапраўдную скульптурную кампазіцыю.
Сяргей Жыльскі расказаў, што гэта ягоная пятая праца для санаторыі. Раней там, напрыклад, з'явіліся скульптура чары са змяёй (сімвал медыцыны), фантан у выглядзе ружы, а таксама бетоннае шасціметровае старое дрэва. Гэтая праца таксама падкрэслівае ўвагу скульптура да дэталяў: дрэва выглядае сапраўдным!
У Гародні таксама можна сустрэць работы майстра. У заапарку мінулым летам пасялілася трохметровая чарапаха вагой больш за тону. Паверыце, што яна зрабленая з бетону?