BE RU EN

Прэзідэнт Нямеччыны падкрэсліў ролю беларусаў у перамозе над нацызмам

  • 8.05.2025, 21:46

Франк-Вальтэр Штайнмаер таксама заклікаў улады РФ не фальсіфікаваць гісторыю.

Федэральны прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер, выступаючы ў Бундэстагу падчас мемарыяльнай цырымоніі з нагоды 80-годдзя заканчэння вайны ў Еўропе ў 1945 годзе, асабліва падкрэсліў, што ў тагачаснай Чырвонай арміі ваявалі не толькі расейцы.

Паводле словаў нямецкага прэзідэнта, нацысцкі рэжым перамаглі «амерыканцы, брытанцы, французы, а таксама Чырвоная армія, у складзе якой былі салдаты з Расеі, Украіны, Беларусі і прадстаўнікі іншых нацый».

Таксама ён адкрытым тэкстам сказаў, што «вызвольнікі Асвенціма ператварыліся ў новых агрэсараў», а пуцінскія наратывы пра прадаўжэнне барацьбы з фашызмам ва Украіне ахарактарызаваў як «фальсіфікацыю гісторыі – не што іншае, як прыкрыццё імперыялістычнага вар'яцтва, найцяжэйшай несправядлівасці і самых цяжкіх злачынстваў».

Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман адзначае: «Фармулёўкі падабраныя з асаблівым сэнсам і выглядаюць нават больш жорстка, чым чакалася».

Афіцыйных дыпламатычных прадстаўнікоў пуцінскага і лукашысцкага рэжымаў на гэтую цырымонію прынцыпова не запрасілі.

Апошнія навіны