Як расейскія дэмакраты падтрымалі Лукашэнку
- 9.05.2025, 11:36
Беларусы маглі пазбавіцца ад дыктатара яшчэ ў 90-я.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна дала вялікае інтэрв'ю YouTube-каналу вядомага журналіста Яўгена Кісялёва.
Беларуская журналістка расказала, чаму расейскія дэмакраты ў 90-я гады падтрымалі Лукашэнку.
Размова адбылася 7 траўня. Яўген Кісялёў нагадаў, што ў гэты дзень, роўна 25 гадоў таму, у Расеі прайшла першая інаўгурацыя Уладзіміра Пуціна.«У пэўным сэнсе гэта была знакавая дата і для Лукашэнкі. Таму што тады, як сцвярджаюць злыя языкі, канчаткова разбілася ягоная мара стаць прэзідэнтам Расеі ці «аб'яднанай дзяржавы Расеі і Беларусі». Бо быў такі праект і былі ў Крамлі людзі, якія з ім насіліся — аб'яднаць Беларусь і Расейскую Федэрацыю, зрабіўшы наступным пасля Ельцына прэзідэнтам Лукашэнку», — расказаў Яўген Кісялёў.
Наталля Радзіна патлумачыла, што ў гісторыі Беларусі 7 траўня мае зусім іншае значэнне:
— Сёння гадавіна знікнення аднаго з лідараў беларускай апазіцыі, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, якога Лукашэнка забіў акурат 7 траўня 1999 года. І Лукашэнка да моманту прыходу Пуціна да ўлады ў 2000 годзе ўжо быў дыктатарам. Нагадаю, што ў 1996 годзе Лукашэнка правёў незаконны рэферэндум, у выніку якога ён стаў узурпатарам, фактычна знішчыў прынцып падзелу ўлады, разагнаў законна абраны Вярхоўны Савет 13-га склікання. І адбылося гэта не за Пуціным, адбылося гэта за дэмакратам Ельцыным. Менавіта тады было жорсткае супрацьстаянне Лукашэнкі з парламентам, Вярхоўным Саветам. На той момант у Беларусі быў аднапалатны парламент. Лукашэнку пагражаў рэальны імпічмент. Беларусы маглі ўжо тады развітацца з дыктатарам. Практычна 30 гадоў краіна была б свабоднай. Аднак гэтага не адбылося, бо Лукашэнку тады выратавала расейскае кіраўніцтва. У крызісны момант, калі Вярхоўны Савет жорстка выступіў супраць правядзення лукашэнкаўскага «рэферэндуму» аб узурпацыі ўлады і падтрымаў Канстытуцыйны суд, які заявіў, што дзеянні Лукашэнкі антыканстытуцыйныя, у Менск уночы 22 лістапада прыляцелі прэм'ер-міністр РФ Віктар Чарнамырдзін, старшыня Дзяржаўнай Думы Генадзь Селязнёў і кіраўнік Савета Федэрацыі Ягор Строеў. Тады яны правялі таемную сустрэчу са старшынём Вярхоўнага Савета Сямёнам Шарэцкім і кіраўніком Канстытуцыйнага суда Беларусі Валерыем Ціхінем. Невядома, пра што былі гэтыя размовы, але іх угаварылі падпісаць нейкае пагадненне з Лукашэнкам. Называўся гэты дакумент «Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе», у выніку якога Лукашэнка здабыў час. Парламент не абвясціў яму імпічмент, ён правёў «рэферэндум», разагнаў Вярхоўны Савет, стварыў абсалютна кішэнны «Нацыянальны сход» (гэта ўжо двухпалатны парламент з «надзейных» людзей, якія прызначаюцца самім дыктатарам і галасуюць выключна за ўсе ягоныя ініцыятывы). Тады і пачалася абсалютна рэальная дыктатура ў Беларусі.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што фармальна дэмакратычныя лідары Расеі ўжо тады марылі аб аднаўленні СССР і заплюшчвалі вочы на дыктатуру ў нашай краіне:
- Нагадаю, што ў 1995 годзе з Беларуссю была падпісаная дамова аб стварэнні Мытнага саюза. У 1996 годзе, 2 красавіка, была падпісаная дамова аб стварэнні саюза «Беларусі і Расеі». А ўжо ў 1997 годзе, таксама 2 красавіка, дамова аб стварэнні «Саюза» Беларусі і Расеі. Сама «Саюзная дзяржава» была створаная 8 снежня 1999 года. Ішлі працэсы аднаўлення Савецкага Саюза, аднаўлення імперыі. І пачынаць расейцы надумалі з Беларусі. Пастаянна вяліся размовы пра «славянскае братэрства», пра неабходнасць, каб да гэтага «саюзу» далучылася Украіна. Таму ў Расеі заплюшчвалі вочы на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, на ўзурпацыю ўлады дыктатарам, на забойствы апанентаў Лукашэнкі. Мы ўспаміналі сёння Юрыя Захаранку. А тады, у 1999 годзе, напярэдадні падпісання Дамовы аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы», быў забіты лідар апазіцыі Генадзь Карпенка. Пазней, у верасні, быў выкрадзены і забіты былы віцэ-прэм'ер і віцэ-старшыня Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар. У краіне адбываліся страшныя рэчы, а Дэмакратычная Расея працягвала будаваць з гэтай дзяржавай нейкі «саюз». Прычым я б тут не хацела папракаць асабіста вас, Яўген, таму што незалежныя медыя ў Расеі тады працавалі дастаткова добра. Магу сказаць, што яны даволі аб'ектыўна асвятлялі сітуацыю ў Беларусі.