Амбасада ЗША ў Беларусі адрэагавала на памілаванне 42 палітвязняў
- 9.05.2025, 16:42
І заклікала вызваліць усіх вязняў рэжыму Лукашэнкі.
7 траўня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка «напярэдадні Дня Перамогі» памілаваў 42 чалавекі, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».
Сярод памілаваных 18 жанчын і 24 мужчыны, з іх 13 маюць хранічныя захворванні, адзін інвалід. У 24 асуджаных непаўналетнія дзеці, двое - шматдзетныя, 10 чалавек старэйшыя за 50 гадоў, адзін дасягнуў пенсійнага ўзросту.
Амбасада ЗША ў Беларусі адрэагавала на гэты крок.
У заяве на старонцы дыппрадстаўніцтва ў сацсетцы X адзначылі гэты крок як «пазітыўны» і заклікалі вызваліць усіх палітвязняў.
8 траўня «безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі» заклікаў беларускія ўлады прадстаўнік Еўрапейскай камісіі ў замежных справах і палітыцы бяспекі Ануар Эль-Ануні.
«Мы прымаем да ўвагі абвестку аб памілаванні 42 палітычных зняволеных, у тым ліку людзей з хранічнымі захворваннямі, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы», - напісаў ён у сетцы Х.
Варта адзначыць, што палітвязняў у Беларусі значна большая колькасць за тую лічбу, якую прэзентуюць праваабарончыя арганізацыі. Следчы камітэт абвясціў пра больш як 10 тысяч крымінальных спраў пратэстнай накіраванасці, што дазваляе ацаніць рэальныя маштабы рэпрэсій.
Праваабаронцы проста не ў стане падлічыць колькасць палітвязняў у Беларусі і ёсць шмат пытанняў да тых крытэраў, якія яны выкарыстоўваюць у ацэнцы людзей, якіх сёння кідаюць за краты.