У Варшаве актывісты зладзілі акцыю да візіту амбасадара РФ да помніка савецкім салдатам
- 9.05.2025, 18:59
Відэафакт.
У Варшаве 9 траўня праўкраінскія актывісты зладзілі акцыю да візіту расейскага амбасадара да помніка савецкім салдатам. Пра гэта «Гордону» паведамілі ў прэс-службе арганізацыі.
Актывісты леглі на зямлю з прасцінамі ў плямах крыві. «Па трупах украінцаў - менавіта так, як гэта звычайна робіць [краіна-агрэсарка] Расея, сёння ў Варшаве расейскі амбасадар ускладаў кветкі да помніка савецкім салдатам», - напісала ў Instagram лідарка арганізацыі Наталля Панчанка.
На відэа чуваць, што на адрас прарасейскіх грамадзян, якія прыйшлі да помніка, украінцы і палякі скандавалі: «Тэрарысты!»
«Гэтая акцыя - не пратэст супраць мінулага. Гэта супраціў сучаснасці, у якім у дзяржавы-тэрарысткі дагэтуль ёсць свае дыпламаты ў дэмакратычнай Еўропе», - сказаў польскі актывіст Яцэк Вішнеўскі, які браў удзел у акцыі.
Як паведамілі ў «Еўрамайдан-Варшава», расейскі амбасадар Сяргей Андрэеў прыехаў у асяроддзі аховы, усклаў кветкі і хутка з'ехаў. На адным з фота яго прыкрываюць парасонам, хаця дажджу ў Варшаве не было.
Акрамя таго, у сталіцы Польшчы з'явілася скульптура «Х..ло». Арганізацыя «Еўрамайдан-Варшава» паведаміла, што скульптуру ў выглядзе двухмятровага фаласа ўсталявалі непадалёк ад помніка савецкім салдатам.
Скульптуру стварыў літоўскі мастак Марцінас Гаўбас, які працаваў над ёй каля двух гадоў. Раней гэтую скульптуру ўжо дэманстравалі ў Літве, у Польшчы яна прабудзе некалькі дзён.