У Егіпце перакуліўся аўтобус з беларускімі турыстамі
- 9.05.2025, 20:46
Яны ехалі на экскурсію з Шарм-эль-Шэйха ў Каір.
Паездка ў Егіпет для Аляксандры і яе маладога чалавека ледзь не скончылася трагедыяй. 7 траўня пара накіравалася на экскурсію з Шарм-эль-Шэйха ў Каір.
Назад яны не даехалі: турыстычны аўтобус, у якім знаходзіліся грамадзяне Беларусі, Расеі і Казахстана, перакуліўся прыкладна за 100 кіламетраў ад Шарм-эль-Шэйха, піша «Анлайнер».
– Тур у Егіпет мы набывалі ў беларускім турагенцтве. Прыляцелі на 12 дзён. Жылі ў пяцізоркавым гатэлі. Пастанавілі з маладым чалавекам накіравацца на аднадзённую экскурсію ў Каір. Яе арганізоўвала мясцовая кампанія Joyce Tours – яе супрацоўнікі сустракалі нас на тэрыторыі Егіпта, – успамінае Аляксандра.
Ужо на зваротным шляху ў Шарм-эль-Шэйх у прамежку паміж 21:00 і 23:00 адбылася аварыя. Фатаграфій з месца здарэння ў турыстаў не захавалася – многім было не да тэлефонаў. Аўтобус, паводле папярэдняй інфармацыі, паспрабаваў унікнуць лабавога сутыкнення з легкавым аўтамабілем, які вылецеў на сустрэчную паласу. Кіроўца павярнуў на збочыну, і аўтобус заваліўся на левы бок.
Паводле словаў Аляксандры, пасажыры легкавушкі – сям'я – пацярпелі мацней за ўсіх: загінулі мужчына і дзіця. Жанчына і яшчэ адно дзіця былі дастаўленыя ў цяжкім стане ў лякарню. Іх спрабаваў рэанімаваць на месцы малады чалавек Аляксандры – ён паводле прафесіі лекар.
Сярод пасажыраў аўтобуса сур'ёзна пацярпелі дзве жанчыны – з чэрапна-мазгавымі траўмамі іх шпіталізавалі. Астатнія абышліся ўдарамі, ранкамі і шокам.
– Хуткая прыехала прыкладна праз 15–20 хвілінаў. Тых, у каго былі не такія сур'ёзныя траўмы, перасадзілі ў іншы аўтобус, удакладнілі, хто хоча ў лякарню, і адвезлі ў шпіталь у Шарм-эль-Шэйху. Са мной туды паехалі яшчэ пяць турыстаў з Казахстана. Мне зрабілі рэнтген, КТ, але дыягназ не паставілі. Ведаю толькі, што ў мяне ўдар мяккіх тканак спіны, без пераломаў. Таксама засталіся драпіны і сінякі на руках і нагах. У хлопца – таксама сінякі, ён упаў на мяне падчас аварыі.
Праз шок і стрэс Аляксандра не адразу звярнулася ў страхавую кампанію – да таго ж яе заплечнік з полісамі застаўся на месцы здарэння. Паводле ейных словаў, усе выдаткі на абследаванне і лекаванне пакрыла кампанія Joyce Tours – тая, што прадавала экскурсію. Таксама турыстам вярнулі грошы.
– Мы заплацілі $ 240 за дваіх, вярнулі $ 200. Папрасілі падпісаць распіску, што да турфірмы я не маю ніякіх прэтэнзій.
Аляксандра ўдакладніла ў гіда, ці здараліся падобныя выпадкі раней.
– Сказалі, што такое ўжо бывала, але ўсё абыходзілася лёгкімі траўмамі. Таму і пастанавіла напісаць вам, каб іншыя ведалі. Бо такія ДТЗ перыядычна здараюцца.