BE RU EN

«Дзе бульба, Жодзіна?»

  • 9.05.2025, 21:35

Беларусы спрачаюцца пра кошт бульбы і харчовую бяспеку.

У Жодзіне разгарэлася сапраўдная «бульбяная дыскусія». Адзін з мясцовых жыхароў спытаў у сацсетцы, дзе знайсці беларускую бульбу за 1,5 рубля за кілаграм і справакаваў шквал каментароў: успаміны пра неўраджай, абвінавачванні на адрас гандляроў, навуковых інстытутаў і нават... гною. Чаму кошт звыклага прадукту вырас да ўзроўню парніковых агуркоў? І хто сапраўды застаўся без бульбы?

– У якой краме горада можна знайсці бульбу коштам да 1,5 рубля? – з гэтага пытання пачалася дыскусія ў мясцовым жодзінскім чаце. Аўтар паведамлення адзначыў, што ў крамах кошт ужо падбіраецца да 5 рублёў, а ў фермерскіх пунктах – 3,20 і вышэй. Беручы да ўвагі адкіды пры чыстцы, бульба становіцца амаль далікатэсам. І гэта ў краіне, дзе бульба – сімвал.

Каментары пасыпаліся, як з мяшка. Адны вінавацяць засуху і дрэнны ўраджай мінулага года, іншыя – неэфектыўную лагістыку, трэція – экспарт у Расею, а чацвёртыя – палітыку коштавага рэгулявання і адмову ад падтрымкі вытворцаў.

Пакуль адны пытаюцца, «куды павезлі бульбу», іншыя перакананыя: уся праблема – у парушаным балансе паміж сабекоштам і чаканнямі спажыўцоў.

Абмеркаванне хутка выйшла за рамкі простага побытавага пытання і ператварылася ў філасофскую спрэчку пра харчовую бяспеку, рэальнасць сельскай працы і давер – да крамаў, бабуляў на рынку і фермераў з нітратамі.

І ўсё ж даволі недарагая бульба ў Жодзіне прадаецца. Удзельніца чату паказала фатаграфію паліцы ў адной з крамаў горада, дзе бульба каштавала 1 рубель 49 капеек. Праўда, гэтую партыю разабралі літаральна за пару дзён.

Апошнія навіны