У Белым доме расказалі, як прайшла размова Трампа з Зяленскім
- 9.05.2025, 21:37
Учора два лідары паразмаўлялі праз тэлефон.
У ходзе ўчорашняй тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтамі Украіны і ЗША абмяркоўвалася ўгода аб карысных выкапняў і прапанова аб 30-дзённым перамір'і. Дональд Трамп застаўся задаволены гэтай размовай, заявіла на брыфінгу спікерка Белага дому Кэралайн Лівіт.
Паводле ейных словаў, Уладзімір Зяленскі патэлефанаваў Трампу, каб паведаміць, што ўкраінскі парламент ратыфікаваў рэсурсную ўгоду.
– Я гаварыла з прэзідэнтам пра гэтае тэлефанаванне, ён сказаў, што гэта была вельмі добрая і прадуктыўная размова. І, вядома, угода пра крытычныя мінералы – гэта выдатна для Украіны, але таксама, вядома, і для ЗША і нашых падаткаплацельнікаў. Так што гэта была добрая размова, – заявіла прэс-сакратарка.
Паколькі Левіт згадала, што Трамп і Зяленскі абмяркоўвалі прапанову пра 30-дзённае спыненне агню, адзін з журналістаў пацікавіўся, ці ёсць ужо рэакцыя Пуціна на гэтую ініцыятыву.
– Наколькі мне вядома, не, але, вядома, калі будзе рэакцыя і абнаўленні, я ўпэўненая, што вы пачуеце пра гэта непасрэдна ад прэзідэнта, – сказала яна.
На пытанне пра магчымую сустрэчу Трампа з Пуціным на наступным тыдні, Левіт спаслалася на больш ранні адказ самога прэзідэнта ЗША – «гэтага не адбудзецца».