Велікоднае віншаванне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- 20.04.2025, 8:43
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да вернікаў.
У вігілію Вялікадня свой віншавальны зварот да вернікаў кіруе Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Тэкст Віншавання апублікаваў сайт catholic.by:
Хрыстус уваскрос!
Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Дарагія браты і сёстры, у чарговы раз мы стаім перад таямніцай пустой магілы Езуса і чуем словы, поўныя любові, суцяшэння і надзеі: «Не бойцеся! Хрыстус ужо ўваскрос, Пан мой і мая надзея. А месцам сустрэчы будзе Галілея…»
Гэтыя словы павінны ўмацоўваць нашу веру, што сярод зменлівасці і хаосу сучаснага свету ў розных выпрабаваннях і цярпеннях надалей крыніцай любові і сілы нязменна з’яўляецца ўваскрослы Пан — Пераможца смерці, пекла і сатаны.
Уваскрослы Езус загадвае сваім вучням ісці ў Галілею — месца, дзе падчас паўсядзённых справаў яны сустрэліся з Ім, Настаўнікам з Назарэта і пайшлі за Ім. Няхай жа і наша сустрэча з жывым Збаўцам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце, дапаможа ў Галілеі нашай штодзённасці знайсці мэту і сэнс жыцця, а таксама ўмацуе надзею на канчатковую перамогу дабра над злом, любові над нянавісцю і жыцця над смерцю. Няхай запалаюць нашыя сэрцы, калі Уваскрослы Хрыстус прыйдзе да нас са сваім Словам — Добрай Навіной — і Хлебам Жыцця ў Святой Камуніі.
Марыя, Маці надзеі, няхай выпрасіць нам дар пасхальнай радасці і вядзе да свайго Сына шляхам праўды, дабра і спакою ў пілігрымаванні Юбілейнага года хрысціянства.
Няхай Вялікдзень паселіцца ў вашых сэрцах з надзеяй і ўсімі шчодрымі і неабходнымі ласкамі. Няхай Уваскрасенне Пана дасць вам моц, напоўніць вашыя дні спакоем, вясновым цяплом, любоўю і згодай!
Дарагія браты і сёстры! Няхай радаснае і трыумфальнае Аллелюя! Хрыстус уваскрос! гучыць у нашых сэрцах так, як гучыць сёння ва ўсіх хрысціянскіх святынях нашай любай Беларусі, бо сёння ўсе хрысціяне з надзеяй святкуюць Пасху — Вялікі Дзень у гісторыі хрысціянства і ўсяго чалавецтва. Сёння званы хрысціянскіх святыняў зліваюцца ў адну мелодыю радаснага абвяшчэння: Хрыстус уваскрос. Сапраўды уваскрос!
Таму, любыя браты і сёстры — хрысціяне, —
Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі!
На ўзнёслае і радаснае святкаванне Вялікадня, каб Хрыстом «запалалі нашыя сэрцы», шчыра благаслаўляю…
У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!